Шрифт:
Абудзіць думкі, сэрца схамяне.
48
Як пільна я, выходзячы ў дарогу,
Паабмыкаў драбніцы ўсе свае,
Каб захаваць ад злосніка ліхога
І скарыстаць пасля да аднае.
Цябе ж, мой скарб найдаражэйшы самы,
Што за усе багацці мне мілей,
Мая ты радасць і журба таксама,
Украсці можа першы ліхадзей.
Ні ў якіх сховах не замкнуў цябе я,
Апроч таго, ў якім цябе няма.
Схоў — сэрца шчырае, куды з надзеяй
Прыйсці і выйсці можаш ты сама.
Але, баюся, быўшы нават праўдай,
Табой спакушаны цябе украў бы.
49
У часе тым, — каб лепш ён не прыйшоў!
–
Калі асудзіш ты мае заганы
І, спанявераны ў сваю любоў,
Мяне пазбавіш жаднае пашаны;
Калі мінеш, нібы чужы, мяне,
Ледзь кінуўшы сваім паглядам светлым,
І след кахання больш не мільгане
Ў тваім абліччы зімным, хоць і ветлым, -
Няхай мне горна будзе аднаму
Ў свядомасці, што я цябе не варты.
Супроць сябе руку я падніму
За праўду тую, што табою ўзнята.
Калі я права на каханне страціў,
Павінен з тым пазбыцца ўсіх багаццяў.
50
Як цяжка падарожнічаць, калі
Не дакляруе радасці мне гэта.
І колькі б так я ні праехаў міль, -
Мяне ад шчасця аддаляе мэта.
Мой конь, стаміўшыся маёй бядой,
Ідзе павольна, ледзьве суне ногі,
Нібыта чуе, што перада мной
Няма нічога, апрача трывогі.
На шпоры нават не зважае ён,
А часам толькі уздыхне ад гора.
Мне больш балюча слухаць конскі стогн,
Чымся яму прымаць удары шпораў.
Далей яшчэ цяжэй ад горкіх дум:
Пакінуў радасць, а шукаю сум.
51
Прабачыў я маркотнага каня.
Каню павольнасць дараваў яго.
Бо сапраўды навошта мне гання,
Калі ад друга еду я свайго?
Але які пачуе ён дакор,
Калі вяртацца будзе так у двор?!
Хоць засядланым быў бы сам віхор,
І той пазнаў бы смак сталёвых шпор!
Найлепшы конь жаданню не раўня.
Яно з любові выткана самой.
Ляціць жаданне з лёгкасцю агня
І скажа клячы памаўзлівай той:
— Не можаш ты, каб і хацеў, хутчэй,
А я — на крыллі паляту далей!
52
Як багатыр з ключом сваім цудоўным,
Я хоць калі магу дастаць свой скарб.
Але ў каханні сквапнасць рызыкоўна,
Бо асалоду прытупіць магла б.
Не кожны дзень у нас бывае свята,
Таму яно і дорага для нас.
Між самацветаў на святочных шатах
Найпрыгажэй нам зіхаціць алмаз.
Няхай і час цябе ў сваёй скарбніцы,
Як самацвет, пільнуе ад вачэй.
На нашым свяце будзе прамяніцца
Твая краса мілей і яскравей.
Якую слодыч прынясе спатканне
За хваляваннем палкага чакання!
53
Скажы, якой стыхіі ты стварэнне?
Адзін жа цень у кожнага з людзей,
А за табою адлюстроўкаў-ценяў,
Дзівосных вобразаў мільён ідзе.
Адоніс быў для хараства узорам.
Перад тваім — адбітак ён слабы.
З красой Гелены параўнаць не сорам
Красу тваю у нашыя гады.
Вясенні дзень і восені ўсе плёны
Адлюстраваны ў вобразе тваім:
Як дзень жніва, ты шчодрасцямі поўны