Санэты
вернуться

Шэкспір Уільям

Шрифт:

То з неба Вока паліць нас зацята,

То знікне так, што не відаць нідзе.

Прыгожага бывае малавата,

Дзе выпадковасць нашы дні вядзе.

Тваё ж не зменіцца ніколі лета,

І смерць не зможа пахваліцца тым,

Што ты забраны назусім са свету:

Знайшоў бяссмерце ў вершы ты маім.

Ты будзеш жыць, аж покуль будуць людзі,

І будуць вочы бачыць, дыхаць грудзі.

19

О час! Льву — прытупі ты кіпцюры,

У тыгра злога — з пашчы іклы рві,

Прымусь зямлю глытаць свае дары

І фенікса спалі ў яго крыві;

Тасуй наш год, рабі што хочаш з ім,

Круці наш свет, як здумаеш калі, -

Адзін злачын забараню пры тым,

Злачын страшнейшы самы на зямлі.

Ты не чапай любімага чала,

Яго пяром старэцкім не крані,

Каб, як узор, краса яго жыла

На ўсе наступныя часы і дні.

Але калі ты ўсё ж ткі закранеш,

Яго красу мой абароніць верш!

20

Жаночы твар дала табе прырода,

З больш дасканалай нават пекнатой.

Мяне прывабіла твая урода, -

Ты пан і пані для душы маёй.

Пяшчотны погляд, шчыры і прыгожы,

У пазлацістасць апранае след.

Мужчын ён вабіць сілаю вяльможнай,

Сардэчнасцю чаруе ён кабет.

Цябе прырода ладзіла жанчынай,

Пасля адну драбнічку дадала,

Што не патрэбна мне ніякім чынам,

А для жанчын прывабнаю была.

Калі такая справа — мне любоў,

А ім — як можна больш яе пладоў.

21

Натхнення я не маю ад красы,

Якая звонку ўся нафарбавана,

Хоць многія раўнуюць галасы

Яе да неба, сонца, акіяна.

Успомніць можна перлы ўсёй зямлі

Ці параўнаць да месяца, да зорак.

І кветкі, што з-пад снегу расцвілі,

Да вершаваных прыплясці гаворак.

Але не ў гэтым праўда прадвякоў,

І хараство не толькі ў зорнай шаце, -

Мая каханая, мая любоў

Прыгожа так, як роджаны ад маці.

Лепш пра любоў сказаць бы я не мог,

Мая любоў — для сэрца, не на торг.

22

Не давядзе мне люстра, што стары я,

Пакуль тваё юнацтва не міне.

Калі цябе час зморшчкамі ускрые,

Тады скажу: «Пара памерці мне!»

Краса твая мне апранае сэрца,

Яно жыве ў тваіх грудзях даўно.

І кожнае з падвойнай сілай б'ецца,

Яны хоць паасобна — як адно.

Мая любоў! Так многа ў свеце злога,

Высцерагайся ж пільна ты бяды!

Як маці сына пестуе малога,

Цябе я буду даглядаць заўжды.

Два сэрцы нашы маюць лёс адзіны:

Жыццё і смерць іх да адной хвіліны.

23

Як той акцёр, збянтэжыўшыся, стане,

Згубіўшы ролі вызубранай ніць,

Ці безразважны, ў раззлаваным стане,

Знямее, сіл не меўшы гаварыць, -

Так я замоўк, бо словаў больш не маю,

Якімі надарае нас любоў.

Але ж яна, магутная такая,

Мяне навучыць гаварыць без слоў.

Няхай тлумачыць кніга мову сэрца,

Як абаронца красамоўны мой.

Хай у радочку кожным адгукнецца,

Што варты ўзнагароды я тваёй!

Пачуем пра любоў з нямых радкоў?

Вачыма слухаць вучыць нас любоў!

24

Твой вобраз, на здзіўленне мастакам,

У сэрцы вока мне маё стварыла.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win