Шрифт:
Я упіваўся, мабыць, неаднойчы.
На страты мне журбу прыносіў лёс,
Над выйгрышам з арбіты лезлі вочы.
Якіх памылак не было ў той час,
Калі я чуў сябе ў вяршыні шчасця:
То, як у трасцы, жар апошні гас,
То зноў палаў агнём шалёнай страсці.
Дабра ў благім тады я не знайшоў:
Нядоля робіць добрае найлепшым.
Калі з разлукі вернецца любоў,
Яна намнога стане трывалейшай.
Так пасля страты зноў знаходзіў я
Сваё багацце большым утрая.
120
Твае пакуты нас ізноў з'ядналі.
Ад гора сам я гнуўся у дугу,
Бо нерваў мне са сталі не кавалі,
Іх раўнаваць да медзі не магу.
Калі твой смутак, што дала разлука,
Падобны быў ці быў такі, як мой,
Дык ведаю, з якой пякельнай мукай
Хадзіла ты сцяжынкаю сваёй.
А я, тыран твой, не знайшоў і часу,
Каб хоць узважыць зла твайго цяжар.
Нашто ж адчай над намі разаслаўся,
Закрыў журбой сваёй увесь абшар?
Я адпусціўся на ўсё благое.
Павінны ж адпушчэнне даць абое.
121
Лепш быць благім, чым, не бываўшы ім,
Цярпець бязвінна ўсякія напасці.
Няма ніякай радасці і ў тым,
Калі нам нехта вызначае шчасце.
Як можа чый разбэшчаны пагляд
Мной кіраваць, маёй крывёй імпэтнай?
Я грэшны? — Так! Але грашней наўрад,
Чым вы, шпікі, з сваёю апраметнай!
Я — гэта я. А вы учынак мой
Сваёю мерай мерыце старанна.
Калі суддзя — гарбун, дык за суддзёй,
З свайго жадання, я гарбатым стану?!
І не кажыце, што на свеце ўсім
Нікога добрага няма зусім!
122
Навошта мне дарунак твой — табліцы?
Нататкі ўсе у памяці маёй.
І так запісаны, што ім скрышыцца
Прыйшлося б толькі разам з галавой.
Ты будзеш жыць аж да тае часіны,
Пакуль дарэшты знішчыцца, на тло
Усё, што да цудоўных успамінаў
Скарбніцаю надзейнаю было.
Калі нататкам шчырага кахання
Такія сховы давялося мець,
Няхай лепш некаму дарункам стане
Табліц халодных мармур або медзь.
Хто хоча мець для памяці дарункі,
Не верыць той у моц уласнай думкі.
123
Не спадзявайся, час, што я інакшы!
Ўсе піраміды — цуд малы зусім.
На новы лад стар'ё паніцаваўшы,
Як дасягненнем, хвалішся ты ім.
Наш век кароткі. Дзіва ў тым якое,
Калі стар'ё за навіну даеш.
Здаецца нам, і мы ствараем тое,
Што створана ў мінулым часе лепш.
Навошта мне усе твае табліцы?
Мінулыя і сённяшнія дні
Ты апрануў такою небыліцай,
Што не адрозніш праўду ад хлусні.
Я кляўся ў тым, што быў і буду верным,
А на цябе увагі мы не звернем.
124
З адной калыскі шчасце і няшчасце,
Ды ў іх няма аднолькавых дарог:
Ці можна кветкай у вянок папасці,
Ці пустазельнай былкаю ў быльнёг…
Любоў мая няпэўнасці не знае,
Багацце ёй не прынясе бяды.
Яна палітыканаў абмінае
І пагарджае імі заўсягды.
Навошта ёй такія мудрагерцы,
Якія твораць на кароткі час?
Любоў жыла і будзе жыць у сэрцы,
Ў якім агонь сумлення не пагас.
А тыя ўсе бязглуздыя стварэнні
Сваёю смерцю нам дадуць збавенне.
125
Навошта мне дурацкая пашана
Цягаць над некім нейкі балдахін?