Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Стэфа сказала, што Зіначка ведае. Нядаўна ездзіла з Алікам, ён упрасіў, каб вёску паглядзела...

Мы з Росцікам, калі багатымі былі, мікрааўтобас для студыі купілі: на хуткія заробкі з лабухамі адскокваць. Зіначка найдалей ад мяне — у самы канец, на апошняе сядзенне села. Не хацела ехаць, Стэфа прыкрыкнула: “Едзь! Тут смерць, а не твае фантазіі! Як без бацькі хаваць, калі бацька ёсць?..”

Да Наваградка, вёска Аліка за Наваградкам была, Зіначка маўчала. Далей трэба было дарогу паказваць — яна перасела. А сядзець побач і маўчаць — не проста.

— Я расказала яму так, як вы мне расказалі, як магло б у нас быць... Каб адчапіўся, мне з вамі не замінаў, па начах не бегаў — ён жа дзіця... А ён зразумеў так, нібы сапраўды было... Ён з-за нічога застрэліўся.

Мне ўпершыню падумалася, што Зіначка амаль такая ж па ўзросце, як і Лі-Лі...

— Тут направа, — паказала яна, — і вунь той дом... Там чужыя людзі жывуць, злуюцца, бо грошы аддалі, а паперы на дом няспраўныя. Шукаюць бацьку Аліка, дык, можа быць, знайшлі...

Зіначка ўсё наперад, на дарогу прагаворвала, а калі спыніліся, да мяне павярнулася:

— А чаму ён у ляльку стрэліў?..

Я заглушыў матор.

— Сама ты як думаеш?

— Не ведаю... Следчы сказаў, што хвароба ёсць такая, псіхічная...

Калі паперы на дом і былі няспраўныя, дык сам дом на высокім, з валуноў, падмурку, з вокнамі ў рост чалавека, з востранахіленым, дзе-нідзе залатаным, але чарапічным дахам — яшчэ які спраўны.

На дзвярах вісеў замок.

— І што яшчэ табе следчы казаў?

— Каб вам не казала нічога... Няма гаспадароў, тады былі...

Метраў за сорак ад дома, падобная на яго падмуркам і вокнамі, стаяла ў атачэнні высозных дубоў двухпавярховая будыніна, з дзвюма калонамі на ўваходзе, паміж якіх сядзеў на прыступках мужык з мыліцамі. Ён крыкнуў сіпла, як прастуджаны:

— У Менск яны падаліся! Сына Альгердава хаваць! З міліцыі сёння зранку сказалі, што сын Альгердаў застрэліўся! Самога яго няма, яны і падаліся...

Мы падышлі, я сеў да мужыка на прыступкі, падаў руку... Ён, падаючы сваю, выцер далонь аб крысо пінжака — такога, якім нічога ўжо нельга было выцерці:

— Казімір.

Рука ягоная, натрэніраваная мыліцамі, сціснула маю, як клешня.

— Якога сына? Аліка?..

— Альгерд ён, а не Алік. Як і бацька. Алік, каб прасцей, а па крыві — Альгерд.

Ён так і сказаў: па крыві. Але болей мяне здзівіла, што Алік — Альгерд. Бо па гучанні, на слых — гэта не розныя імёны, а розныя людзі.

Зіначка таксама здзівілася:”Паехалі?.. Яны ж чужыя...” — і Казімір сказаў: “У смерці чужых няма”. Потым спытаў:

— А вы хто?..

— Мы якраз па бацьку ягонага... Ён не аб’яўляўся?

— Наўрад ці аб’явіцца. Справядлівасць у Гародню здабываць паехаў. Прадаў дом, сабраў усе грошы — і па справядлівасць. Па нашым часе... Жывым дзе-небудзь і закапалі, грошы вырваўшы. — Казімір уздыхнуў. — Скончыўся род.

Можна было ехаць, але мне хацелася пагаварыць з ім, мне хацелася з кім-небудзь па-чалавечы пагаварыць.

— Па якую справядлівасць? Ён жа піў...

— Ды мазгі не адпіваў!.. Альгердавічы мазгі ніколі не адпівалі. Яго ў Наваградку судзілі ні за што, нібы на заводзе газавым пліты газавыя краў. Прысудзілі ўмоўна, можна сказаць — адпусцілі. Дык ідзі, калі адпусцілі, а ён не: а імя?.. Гонар?.. З раённага ў абласны суд на перагляд справы падаў — ды яшчэ патрабуючы, каб сапраўдных злодзеяў судзілі, якія краіну раскрадаюць... Як ты думаеш, каго?

Я выгляд зрабіў: скуль мне ведаць? — і Казімір кіўнуў:

— Во-во... І ўсе так... А ён хату прадаў, каб гонар адкупіць, гонар дорага каштуе.

Пра гонар бацькі Аліка Казімір з гонарам сказаў. Як пра свой...

У машыне гарэлка была, яна валюта ў дарозе, я на ўсялякі выпадак прыхапіў — схадзіў і прынёс пляшку.

Казімір пакруціў галавой: “Народ спойваеш...” — але пляшку адкаркаваў і дастаў з кішэні пінжака пластмасавую шклянку: “За памін апошняга нашчадка Альгердавічаў... Здавён завядзёнка ў іх такая: ледзь што, да трох не лічы — ці біцца, ці страляцца. Шляхта...”

Я круціў у галаве свае размовы з Крабічам і смутна ўспамінаў, што Альгердавічы — ці не з князёў...

— Во гэта маёнтак іх. Пасля тут то клуб, то бальніца, то сельсавет, цяпер нічога. Стаіць пусты, грызуць мышы з пацукамі. А той дом, што прададзены, быў для эканома. Саветы прыйшлі і, канечне, пад корань. Яны не пабеглі ад саветаў — Бог іх ведае, чаму... Адзін з іх толькі і ўцалеў, немаўля не расстралялі. А ссылаць яго не было з кім. Гэта дзед іхні, памёр. У дзетдоме, у школе, ва ўсім савецкім жыў, а памёр Альгердавічам, га?..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win