Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

“І што? Кінуліся б дапамагаць?.. Вы і так мне дапамаглі — у Лідзіі Паўлаўны пасялілі. Яна вунь, бачыце, як маці...”

“Дык пашкадаваў бы”.

У Аліку нешта торгнулася, трохі сказілася правата — і Смерць сказала, не прамарудзіўшы:

“Тут няма каго шкадаваць”.

Алік зноў стаў спакойны, ён давяраў Смерці.

“Чаму Зіначкі няма?”

“Баіцца”.

Ён другі раз усміхнуўся — якая летуценная ў яго ўсмешка:

“Я б таксама баяўся. Дзіця...”

“Ёй столькі ж, колькі Лі-Лі”.

На твары Аліка адбілася спакойнае здзіўленне.

“Сапраўды... Я пра гэта не думаў... Тым больш...”

“Што тым больш?”

“Тым больш дзіця. Вы ёй скажыце, што і заўтра можа не прыходзіць. Мёртвым гэта без патрэбы, а жывым цяжка”.

“Я ёй скажу. І папрасіць хачу...”

“Вы ў мяне?.. Што?”

“Можна я на могілках казаць не буду, а на трубе табе сыграю?”

Алік чакаў, што скажа на гэта Смерць. Спытаўся ў яе: “Хіба пра такое просяць?..” — Тая пацепнулася, і тады Алік згадзіўся: “Як сабе хочаце, сыграйце... А то Зіначка пра вас: ён музыкант, ён музыкант, а я і не чуў ні разу”.

“Зіначка перад табой не вінаватая. Толькі я”.

“Я ведаю. Цяпер я пра ўсё ведаю... Ніхто не вінаваты, толькі кожны сам. І калі...”

“Досыць! — раўніва перапыніла Смерць — і я перастаў чуць Аліка. — Паспееце нагаварыцца, гэтага не так доўга чакаць, як здаецца”.

“А там я буду з ім?..” — спытаўся я ў Смерці, і яна сказала нервова, бо ў Аліка зноў пасма з-за вуха выбілася, валасы жылі сваім асобным жыццём, з якім Смерць не спраўлялася: “Па мне дык не, але там не мая парафія”.

Я, не паварочваючыся, спінай выходзячы ў прыхожую, ледзьве не грымнуўся, зачапіўшыся за парожак, і схапіўся за вешалку, учапіўся за футра Лідзіі Паўлаўны. Зноў павесіць ніяк не мог... Дапамагла незнаёмая маладая жанчына — павесіла:

— Гэта вы да нас ездзілі?..

Прыадчыніліся ўваходныя дзверы, я падумаў — бо футра сарвалася — што за імі, можа быць, Лі-Лі, але ўвайшла Зоя. Бледная, у чорнай сукенцы з чырвонымі ружамі — ёй пасавала... Кіўнула мне, глянуўшы на жанчыну, і, рассыпаючы ружы, кінулася плакаць да Лідзіі Паўлаўны, якая загаласіла: “Які хлопчык!.. Які хлопчык...”

— Нам пагаварыць трэба — няма з кім, — стаяла ўсё перада мной жанчына. — Можна з вамі?.. Я Галіна...

На кухні сядзеў яе мужык, Сакрат, яны ў бацькі Аліка дом купілі.

— Мы не супраць былі, хай бы з намі жыў... А ён да смерці цягнуўся...

— Пра што пагаварыць?..

Я ўпэўнены быў, што пра паперы на дом.

— Пра гэта, пра што яшчэ... Яго дома пахаваць трэба, ён там ляжаць хоча, мы так думаем. Каля продкаў — што яму тут сіроціцца?..

Я глянуў уважлівей: яна статная, прывабная, ён таксама не сякерай вычасаны... Маладыя, моцная мужык і баба. Відаць, што гаспадары, таму да ўсяго і да смерці — па-гаспадарску.

Чаму, апроч іх, ніхто не падумаў, дзе Алік ляжаць хоча? Ні я, ні Лідзія Паўлаўна — ніхто? І я размаўляў з ім — і не спытаўся...

— Мы не падумалі... — сеў я на зэдаль, на якім Ігар Львовіч сядзеў, галаву на сякеры качаючы, і Галіна сказала:

— Бо вы чужыя.

Я ледзь не адказаў: “У смерці няма чужых...” — але пра гэта яны, пэўна, ведалі, таму спытаў:

— А вы?

— Мы праз магілы свае. Нашы продкі ўсе там разам.

— Праз магілы ўсе свае... Якая розніца, дзе ляжаць?

— Гэткая ж, — Сакрат сказаў, — як і розніца, дзе жыць. Мы во думалі былі: дом купляць, ці ў замежжа з’ехаць, бо беларусам быць — бяда. Але што зробіш?.. Гонар не дазваляе кімсьці іншым стаць.

Пажыць там у іх на Наваградчыне, з імі і Казімірам — ці што?.. Паглядзець: не толькі ж яны трое не ўлезлі ў мікрааўтобус?..

Я сказаў ім, каб ехалі і чакалі заўтра Аліка дома... І зманіў, не любячы праўды, Лідзіі Паўлаўне, што знайшоўся бацька, які сам пры смерці і просіць прывезці сына.

Тое, як успрыняла гэта Лідзія Паўлаўна, змусіла мяне яшчэ раз з яе здзівіцца.

— Што ж, я з Ігарам лягу.

Зоя занепакоілася: “Каб Лі-Лі не спазнілася... Яна самалётам заўтра збіралася, трэба пазваніць, каб на цягнік сёння села”.

Ува мне быццам бомба маленькая выбухнула... Ну, канечне, на ранішнім цягніку...

Сакрат з Галінай былі на машыне, я іх праводзіў. “Мы ўсё падрыхтуем: магілу, памінкі... Дзякуй”.

Набралі сабе клопату — і дзякуй. Што я ведаю, лабух, пра гэтых людзей на гэтай зямлі?..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win