Лабух
вернуться

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— І куды ты?

— Да радні ў Кіеў. Калі даеду... Дзяцей адправіў, даехалі.

— А работнікі твае?

— У галандцаў падрабляюць... Цяпер толькі галандскія ружы ў Мінску будуць, — наліў віна Амед. — Але вып’ем!.. Дом не парушаны, калі ў ім госці. І даруй, Раман, калі што не так...

— Што не так?

— Ну, з Лі-Лі... з Феліксам... я хацеў неяк... ды і ён збіраўся табе сказаць, трываць не мог, а Лі-Лі наадрэз, катэгарычна: “Гэта маё, я ўсё сама”.

Чамусьці Таня папрасіла: “Не трэба, Амед...” — а Лідзія Паўлаўна спытала з нападам, нібы кепскае нешта пра Лі-Лі пачула: “Чаму?” — і Таня патупілася.

— Лі-Лі — гэта самаахвярнасць, — паднялася з бакалам і патэтычна, як і тады, калі ўтраіх мы з Лі-Лі сядзелі, калі я апошні раз бачыў Лі-Лі — і па шчацэ ёй паперамі! — прамовіла Лідзія Паўлаўна. — Высокая самаахвярнасць, разумееце?.. Яна ўсіх гатовая ратаваць, я не сустракала больш самаахвярнага чалавека, чым Лі-Лі. І больш вольнага духам...

Усе апошнія дні я сіліўся разабрацца, што ж у мяне з Лі-Лі адбылося, у Лідзіі Паўлаўны пытаўся, і Лідзія Паўлаўна сказала, што Лі-Лі — гэта новая мараль. Не новая мадэль маралі, як новая мадэль машыны, а новая мараль зусім іншай якасці, такой, да якой мне далёка. Не толькі мне, але ўсім, таму з’яўленне Лі-Лі ў нашым часе — для Лі-Лі трагічнае. І пакуль я не зразумею гэтага, датуль ні ў чым не разбяруся.

Я спрабую зразумець, але думаю, што, як у нашым часе кажуць, Лідзія Паўлаўна проста запала на Лі-Лі. Бо ў нечым Лі-Лі такая, якой Лідзіі Паўлаўне некалі самой быць хацелася.

А Зіначцы не хацелася і чуць пра Лі-Лі:

— Можна мне пакупацца?

Лідзія Паўлаўна паспрабавала яе спыніць.

— Ты глянь, што там на дне... Лі-Лі б праплыла, а ты паранішся.

Не спыніла, а падбухторыла... Не пад руку ёй Зіначка, бо за яе Алік трымаецца і не ўсынаўляецца, а Лідзія Паўлаўна Аліка палюбіла.

Трохкутнік...

Зіначка скінула нязменные свае чорную спаднічку і чырвоны світарчык — трэба было б Стэфе грошы даць, каб адзежы ёй прыкупіла... Стала ў купальніку, паказалася — такая лялька, такая лялька... Але не Лі-Лі.

Ніхто не Лі-Лі.

Лялька ступіла на край басейна, нырнула ў яго, паплыла і паранілася аб дрот. Знутры прадрапаўшы сцягно ад каленца да самага лабка.

Алік ускочыў: “Вы ведзьма, Лідзія Паўлаўна!..” І Лідзія Паўлаўна, адпіўшы віна, сказала скрушна: “Я старая ведзьма, Алік”.

Таня прыбегла з бінтам і ёдам, Зіначка папрасіла: “Перавяжыце вы, Раман Канстанцінавіч. Я ж вас перавязвала...”

Яна не перавязвала мяне, а калола, ды якая розніца... Алік падхапіўся і кінуўся за вароты, нагой ударыўшы каля іх дабіты Амедаў пікапчык.

— Давайце даганяць!.. — узнервавалася Лідзія Паўлаўна. — Каб не ўтварыў чаго...

Амед паківаў галавой і пайшоў да пікапчыка:

— Які фікус грузіць?

Лідзія Паўлаўна выбрала свой.

Дартаньян скочыў у кузаў пад фікус, які выпіраў даўжэй, чым тады, калі сюды везлі, вырас — хіба фікусы растуць так хутка?.. Лідзія Паўлаўна ледзьве здолела Дартаньяна, гэтак ён упіраўся, у кабіну перацягнуць — і яны паехалі.

Зіначка капрызнічала:

— Шчыпле! І я крыві баюся...

— Якая ж ты медсястра?..

— Яе пакласці трэба, зручней будзе, — дапамагала мне Таня, і мы паднялі Зіначку на мансарду, паклалі на ложак, у якім начаваў я з Лі-Лі без Лі-Лі. Толькі аднойчы мы гэтак начавалі, каб разам — і не адно ў адным: так не магло быць, але было.

Зіначка падрапалася, як я ў піянерскім лагеры... Адно што яйчыкі не параніла.

Там, тады, даўно і далёка сядзеў я з голымі яйчыкамі на белай тумбачцы, а фея Таццяна Савельеўна ў белым халаце завіхалася перада мной на зэдліку — і зверху ў выразе халата відаць была за гурбамі грудзей карычнева-кучаравая шчотачка на крайку зэдліка...

— Без Лі-Лі ў вас нікога ўжо, апроч мяне, няма. Нікога... — лежачы на месцы Лі-Лі, ціха, амаль шэптам сказала Зіначка, і Таня зазбіралася: “Вада ў мяне на агні, вы тут справіцеся...” — але не сыходзіла, чакала, што я скажу, і Зіначка глядзела, чакаючы, і ўсхліпнула, нібы ёй балела, калі я Тані ёд аддаў: “Ты лепей справішся, я пайду агонь патушу”.

У доме сапраўды кіпела вада на пліце, Таня штосьці варыць збіралася, але вада магла кіпець яшчэ доўга, а ў вакно на другі бок дома я ўбачыў, як за парушаным парніком хаваецца Алік і глядзіць на мансарду...

Каля вакна вялізны фотаздымак вісеў: Амед, Таня, іхнія дзеці і яшчэ безліч татараў — усе ўсмешліва-шчаслівыя.

Я адліў вару, згатаваў і выпіў каву. Выйшаў, калі Таня і Зіначка ўжо спусціліся ў альтанку, дзе Таня закурыла.

— Ты хіба курыш?

— Закурыш тут... Я таксама крыві баюся.

Зіначка, пачуваючы сябе няёмка перад Таняй, якая нешта такое пра яе на мансардзе падумала, на мяне ўскрыўдавала:

— Ну і што было б, калі б вы засталіся?..

Калі б так, як Зіначка, падрапалася Лі-Лі, я б падумаў, што яна зрабіла гэта наўмысна — і Лі-Лі магла такое зрабіць... Але Зіначцы пра яйчыкі, пафарбаваныя ёдам, пра фею Таццяну Савельеўну я не расказваў. Я нават не казаў ёй, што тут ёсць басейн, а вось яна пра ўсё ўгадала — і прыехала ў купальніку, каб мне паказацца і для мяне падрапацца...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win