Шрифт:
Нязвыкла для лабуха, паважна сябе адчуваеш, калі наўкол маняць, пляткараць, а ты — адзін з нямногіх — ведаеш, што і чаму насамрэч адбываецца. Росцік кажа, што гэта кайф, і называецца ён далучанасць... І што мог бы я такога кайфу колькі заўгодна мець, і з Росцікам ім дзяліцца, калі б не быў кончаным лабухам.
“А ты ўяві, — кажа Росцік, — што не толькі ведаеш, але і вырашаеш, як насамрэч павінна быць... Гэта ж майнкайф!”
Чым менш маеш, тым менш згубіш, Росцік...
“Ты ў Зоі даўно ў кумірах, вы нават танцавалі аднойчы ў рэстаране ў Ялце, мы адпачывалі там, а вы гастраліравалі. Мне чатыры гады было — і я цябе з-за п’янага стала выцягнула, падвяла да Зоі, бо ведала, што яна гэтага хоча, ды сама падыйсці не асмельваецца. Танец конкурсным аб’явілі, вы з Зояй шампанскае выйгралі, ты выпіў з ёй і на канцэрт нас запрасіў, але назаўтра не сустрэў, як абяцаў, каля летняга тэатра. Забыўся, а Зоя плакала. І тады я цябе на ўсё жыццё ўзненавідзела”.
“Пракаментаваць новыя прызначынні на высокія дзяржаўныя пасады мы папрасілі новага памочніка дзяржсакратара Рычарда Пятровіча Красевіча...”
Пусцілі ў рост Красевіча. Без выбараў — чакаць няма калі — у міліцэйскія міністры пагналі... Каб нідзе і ніякага недагляду, каб паўсюль былі зусім свае.
З патэльні плясь...
“Прэзідэнт заклапочаны тым, што значная частка сродкаў ад экспарту нашых тавараў, у тым ліку зброі, якой Беларусь мае права гандляваць нароўні з Расіяй (чаму толькі з Расіяй?), патрапляе не ў дзяржаўную казну на патрэбы народа, а ў рукі злодзеяў, за што адказны ў першую чаргу Камітэт дзяржаўнай бяспекі і персанальна былы ягоны старшыня...”
Прыкладвае, як песню пяе...
Каб забраць распрацоўкі Рутнянскага, з Масквы так цісканулі, што прэзідэнт і не рыпнуўся: галаву б адбілі. Таму дурнем, як ён гэта ўмее, прыкінуўся: забірайце, маўляў, мы і не думалі, што яно вам патрэбнае... Але потым з тымі, хто не выявіў асабістай адданасці, расправіцца яму ніхто не замінаў. Ён і расправіўся, яшчэ б не...
Росцік застаўся ў сябрах з Красевічам, які данёс адразу, што не аднаго старшыню, але і Панка, і шмат каго з КДБ пратурылі, нават начальніка турмы.
Турэмшчыка, я падумаў, папёрлі правільна: пасля душагубкі, у якую ён мяне засунуў, я вокны ў кватэры не зачыняю — і зрэдку ў іх заносіць ветрам пажоўклыя лісты, хоць яшчэ толькі жнівень... Чамусьці восень апошнімі гадамі ўсё раней і раней наступае.
Лідзія Паўлаўна папрасіла па фікус з’ездзіць, баючыся, што ў падворку Амеда ён асыплецца... “Я сумую без яго, Раман”. Як гэта без фікуса сумаваць можна?..
Не асыпаюцца фікусы. Ападаюць — ліст за лістом, зноў ліст за лістом...
Ці Лідзія Паўлаўна не пра фікус?.. Пра смерць Ігара Львовіча мы з ёй, нібы па дамоўленасці, не гаворым.
“...на могілках Лідзія Паўлаўна з Феліксам мяне пазнаёміла: “Вучань Ігара Львовіча”. Вучань і вучань, ці мала вучняў, а тут раптам на яго з кайданкамі наляцелі — і трэба было ратаваць. А ў Амеда назаўтра ён фотаздымак паказвае: “Глядзі, якія вы падобныя”. “Хто гэта?..” “Нэла. Яна загінула, каб мяне зратаваць”. І распавёў, як вы на машынах пабіліся. Не выходзіла, што Нэла яго ўратавала, толькі, калі для сябе ён так вырашыў, дык што ж... Я зусім на Нэлу не падобная, але зразумела, для чаго мы спаткаліся, адчула, што далей будзе, што павінна быць, і сказала: “Так, мы падобныя”. Тым самым я не шмат, аднак нешта яму паабяцала, забыўшыся, што ўжо навучаная табой каханню...”
Мы паехалі з Лідзіяй Паўлаўнай да Амеда. На таксі з Дартаньянам, з Алікам і Зіначкай. Па дарозе Лідзія Паўлаўна ўгаворвала Аліка, каб ён усынавіўся. Так і ўгаворвала:”Усынавіся, Алік... Скажыце вы яму, Раман...” Алік адварочваўся, на дарогу глядзеў: “Я і так сын, недзе бацька бадзяецца...”
Арэшак гэты Алік, не колецца. Ні з кім не сябруе, бо ўсе ў яго Зіначку адабраць хочуць.
Зіначка сказала: “Лідзія Паўлаўна, вы ўгаварылі б Рамана Канстанцінавіча, пакуль ён вольны, ажаніцца са мной”.
“Тады ўжо са мной, — уздыхнула Лідзія Паўлаўна. — Лепш яму чакаць, пакуль я памру...”
Алік пачаў таксіста торгаць, машыну спыняць, Зіначка ў шчаку яго чмокнула: “Ды сядзі ты...”
У двары Амеда ўсё было парушана: флігель спалены, басейн аббіты, дах над ім разламаны... Друз, шкло і кафля, кавалкамі дроту і арматуры ляжалі ў на дне.
Фікусы стаялі пажухлыя.
Дартаньян падбег да самага аблезлага, падняў нагу... Лідзія Паўлаўна адразу свой пазнала і зашкадавала:
— Так я і думала...
— Таня! — гукнуў Амед. — Хіба гэты іхні?..
— Любы выбірайце, — выйшла і стала накрываць стол у альтанцы, якая ўцалела, жонка Амеда. — Ці два, ці тры, ці ўсе... Нам тыдзень далі, каб духу нашага тут не было.
Зразумела было, што тут адбылося — і хоць ты прабачэння ў Амеда прасі: усялякае ж пра яго думалася... “Вы заяўлялі куда-небудзь?” — спытаў я ў Тані. Яна прамаўчала, Амед рукой махнуў: “Каму і на каго?.. Я ўчастковага нашага прыкармліваў, дык і той сказаў: не будзеш са шпіёнамі знацца, чурка”.