Ферма
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Увесь гэты год жывёлы працавалі яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамі ўдвая таўсцейшымі і скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць і звычайную працу на ферме — усё гэта вымагала неверагодных высілкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелі ўранку Віскун браў доўгі сувой паперы і чытаў ім спісы лічбаў, якія сведчылі, што вытворчасць усіх відаў харчовай прадукцыі ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават і на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было ніякіх падставаў яму не верыць, асабліва таму, што яны ўжо добра і не памяталі, у якіх умовах яны жылі да Паўстання. І ўсё ж былі дні, калі ім здавалася, што раней было менш лічбаў і болей ежы.

Усе загады цяпер абвяшчаліся праз Віскуна або яшчэ каго з свінняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыдні. Калі ён з'яўляўся, пры ім быў не толькі сабачы почт, але і чорны певень, які быў нібы за трубача і крычаў гучнае «кукарэку!» кожны раз перад тым, як Напалеон збіраўся нешта сказаць. Казалі, што нават у сядзібе Напалеон жыў у асобных ад усіх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над ім чуйнавалі два сабакі, і еў ён заўсёды з абеднага сервізу «Краўн Дарбі», які раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўні. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як і ў дзве іншыя гадавіны.

Пра Напалеона цяпер ніколі не казалі проста «Напалеон». Афіцыйна яго цяпер заўсёды называлі толькі «наш Правадыр таварыш Напалеон», і свінні любілі прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсіх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнік Авечага Статка, Сябра Качанятаў і падобнае. У сваіх прамовах Віскун, заліваючыся слязьмі замілавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца і пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсім свеце, асабліва ж да няшчасных жывёлаў, якія жылі ў няведанні і рабстве на іншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне і за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: «Пад кіраўніцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён»; або як дзве каровы на вадапоі радасна ўсклікалі: «Дзякуючы кіраўнічай ролі таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!» Агульныя пачуцці на ферме былі добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася «Таварыш Напалеон» і гучала так:

О сябар сіротам! Крыніца цяпла і пяшчоты! Памыйні ўладар! Ні пакуты, ні голад, ні скон Мне душу не азмрочаць, Бо заўжды твае мудрыя вочы Мне, як сонца з нябёсаў, зіхочуць, Таварыш Напалеон! Ты — дарыльшчык усёй той надобы, Што падданым тваім даспадобы: Набіты трыбух і сухая падсцілка на сон; У хляве, як у раю, Спіць спакойна худоба любая, Бо нядрэмных вачэй не змыкае Таварыш Напалеон! Каб я меў парсючка-немаўляці, Гадаваў бы яго быццам маці І, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён, Я яго навучаў бы старанна Табе ў вочы глядзець закахана І страчаць цябе віскам адданым: «Таварыш Напалеон!»

Напалеон ухваліў гэтую паэму і загадаў напісаць яе на сцяне вялікага гумна, супрацьлеглай той, дзе былі Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профіль, выкананы Віскуном белаю фарбай.

Тым часам, пры дапамозе Ўімпэра, Напалеон уступіў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам і Пілкінгтанам. Штабель драўніны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваіх Фрэдэрык болей імкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлі чуткі, што Фрэдэрык з сваімі людзьмі збіраецца напасці на Ферму Жывёлаў і разбурыць вятрак, будаванне якога абудзіла ў ім лютую зайздрасць. Сняжок, як казалі, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пінчфілд. Неяк у сярэдзіне лета жывёлаў вельмі ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовіліся забіць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралі смерцю, і былі прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакі вартавалі яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе іх есці, каб праверыць, ці яны не атручаныя.

Прыблізна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовіўся прадаць драўніну містэру Пілкінгтану; ён таксама збіраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымі прадуктамі паміж Фермай Жывёлаў і Фоксвудам. Дачыненні паміж Напалеонам і Пілкінгтанам, хоць яны і падтрымліваліся толькі праз Уімпэра, былі цяпер амаль сяброўскія. Жывёлы не давяралі Пілкінгтану як прадстаўніку чалавечага роду, але аддавалі яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баяліся і ненавідзелі. З набліжэннем восені, калі вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткі пра пагрозу здрадлівага нападу зрабіліся часцейшыя. Казалі, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць іх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамі, і ўжо падкупіў суд і паліцыю, дамовіўшыся, што яны не будуць умешвацца, калі ён захопіць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пінчфілда даходзілі жахлівыя весткі пра зверствы, якія Фрэдэрык учыняў над сваімі жывёламі. Ён засек да смерці старога каня, марыў голадам кароў, забіў сабаку, кінуўшы яго ў печку, а вечарамі забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў біцца, прывязаўшы ім да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кіпела ад гневу, калі яны чулі, што іх таварышы церпяць такія здзекі, і часам яны патрабавалі, каб ім дазволілі выйсці самім і напасці на ферму Пінчфілд, выгнаць адтуль людзей і вызваліць жывёлаў. Але Віскун параіў ім устрымацца ад неразважлівых дзеянняў і даверыцца стратэгіі таварыша Напалеона.

Тым не меней нянавісць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю раніцай Напалеон выступіў у гумне і растлумачыў, што ён ніколі не меў намеру прадаць штабель драўніны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такім нягоднікам было б абразаю ягонай годнасці. Галубам, якіх усё яшчэ высылалі, каб разносіць весткі пра Паўстанне, было забаронена садзіцца ў Фоксвудзе, ім таксама было загадана адкінуць іх ранейшы лозунг «Смерць чалавецтву» і замяніць яго на «Смерць Фрэдэрыку». Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, і высветлілася, што пад час аднаго з сваіх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа і пустазелля. Гусак, які быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Віскуну ў сваім злачынстве і тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькі смяротна атрутных ягад лісніку. Жывёлы цяпер таксама даведаліся, што Сняжок ніколі — як шмат хто з іх дагэтуль думаў — не быў узнагароджаны медалём «Жывёла-Герой» першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкі час пасля Бітвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькі не ўзнагародзілі, але яшчэ і асудзілі за баязліўства ў бітве. І зноў сяму-таму з жывёлаў было дзіўна гэта пачуць, але Віскун хутка здолеў іх пераканаць, што памяць іх ашукала.

Увосень, цаною неверагодна цяжкіх намаганняў — бо амаль адначасова трэба было збіраць ураджай — будаўніцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставіць абсталяванне, і Ўімпэр вёў перамовы наконт яго закупкі, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усім цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасці і нягоды і на здраду Сняжка, працу скончылі дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзілі вакол свайго шэдэўра, які здаваўся ім яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалі першы раз. Тым болей што сцены цяпер былі ўдвая таўсцейшыя. Ніякі выбух ім цяпер не страшны! І калі яны падумалі, колькі паклалі працы і пакутаў, колькі сцярпелі нягодаў і якія велізарныя перамены настануць у іх жыцці, калі пачнуць круціцца крылы і запрацуюць генератары, — калі яны падумалі пра ўсё гэта, стома пакінула іх, і яны пачалі скакаць вакол ветрака і крычаць ад радасці. Сам Напалеон, з неадлучнымі сабакамі і пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабіста павіншаваў жывёлаў з вялікім дасягненнем і абвясціў, што вятрак будзе насіць назву Вятрак імя Напалеона.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win