Шрифт:
Напалеон стаяў і сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранізліва завішчаў. Сабакі зараз жа кінуліся наперад, схапілі чатырох свінняў за вушы і пацягнулі іх да ног Напалеона, не зважаючы на іх страшны віск ад болю і страху. З свіных вушэй цякла кроў, сабакі адчулі яе смак і на нейкі момант зусім ашалелі. Раптам, усім на здзіўленне, трое сабак накінуліся на Баксёра. Убачыўшы іх, Баксёр выставіў наперад свой вялізны капыт, збіў аднаго сабаку з лёту і прыціснуў яго да зямлі. Сабака заенчыў аб літасці, і два другія ўцяклі, падціснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабіць: раздушыць сабаку насмерць ці адпусціць. Напалеон, як здалося, змяніўся з твару і рэзка загадаў Баксёру адпусціць сабаку, на што той падняў капыт, і сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.
У хуткім часе сумятня сціхла. Чатыры свінні чакалі, дрыжучы, усім сваім выглядам прызнаючы сваю віну. Напалеон запрапанаваў ім павініцца ў сваіх злачынствах. Гэта былі тыя самыя чатыры парсюкі, якія пратэставалі, калі Напалеон адмяніў нядзельныя Сходы. Без лішняй прынукі яны прызналіся, што трымалі сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнічалі з ім у справе разбурэння ветрака і што ўвайшлі ў пагадненне з ім з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў містэру Фрэдэрыку. Яны дадалі, што Сняжок патаемна прызнаўся ім, што ён доўгія гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калі яны скончылі сваю споведзь, сабакі тут жа на месцы разарвалі ім глоткі, і Напалеон страшным голасам запытаўся, ці хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.
Тры курыцы, што верхаводзілі няўдалым яечным бунтам, выйшлі наперад і засведчылі, што Сняжок з'явіўся ім у сне і намовіў іх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былі забітыя на месцы. Тады выйшла гуска і прызналася, што схавала шэсць пшанічных каласкоў пад час леташняга жніва і з'ела іх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруіла ў ставок з пітной вадою — яна сказала, што яе на гэта падбіў Сняжок, — а яшчэ дзве авечкі павініліся ў тым, што загубілі старога барана, вельмі адданага прыхільніка Напалеона, тым, што ганялі яго, хворага на кашаль, вакол вогнішча, пакуль ён не памёр. Усе яны былі забітыя на месцы. І так чарада прызнанняў і пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў і паветра не напоўнілася смуродам крыві, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.
Калі ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свінняў і сабакаў, бязладным гуртом пацягнуліся прэч. Яны былі ўзрушаныя і няшчасныя. Яны не ведалі, што болей уразіла іх — здрада жывёлаў, якія ўступілі ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамі якое яны толькі што былі. Даўнейшымі часамі бывалі на ферме і не менш жахлівыя сцэны крывавае бойні, але ўсім ім здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калі гэта адбывалася паміж імі. З таго часу, як Джоўнз пакінуў ферму, і да гэтага дня ніводная жывёла ніколі не забіла іншае жывёлы. Не быў забіты нават ніводзін пацук. Яны пакіраваліся да ўзгорка, на якім стаяў недабудаваны вятрак, і, не згаворваючыся, леглі на зямлю, скупіўшыся, каб сагрэцца, — Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамін, каровы, авечкі і цэлая чарада гусей і курэй — усе, апроч ката, які раптоўна знік якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкі час усе маўчалі. Адзін Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круціўся, абмахваючы даўгім хвастом бакі, і час ад часу здзіўлена іржаў. Нарэшце ён сказаў:
— Я нічога не разумею. Я ніколі не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Відаць, мы самі ў нечым вінаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць раніцай на цэлую гадзіну раней.
І ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў іх да ветрака і толькі тады пайшоў спаць.
Жывёлы скупіліся вакол Канюшынкі і маўчалі. З пагорка, на якім яны ляжалі, адкрываўся шырокі спазор на ваколіцы. Яны маглі бачыць большую частку Фермы Жывёлаў — даўгі выган, што цягнуўся да гасцінца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палі, дзе ўжо зазелянела рунь, і чырвоныя дахі гаспадарчых будынкаў з дымам, што віўся з комінаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава і жываплоты залаціліся пад косымі промнямі сонца. Ніколі раней ферма — а яны са здзіўленнем успомнілі, што гэта была іх ферма, кожны лапік яе быў іхняю ўласнасцю — не здавалася такою ўтульнай і выгоднай. Канюшынка паглядзела на схіл пагорка, і вочы яе напоўніліся слязьмі. Калі б яна магла выказаць свае думкі, яна сказала б, што не да гэтага яны імкнуліся, калі браліся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор і забойствы былі зусім не тым, пра што яны так марылі ў тую ноч, калі стары Маёр упершыню абудзіў іх на паўстанне. Калі яна раней мела нейкі вобраз будучыні, дык гэта было грамадства без голаду і бізуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы бароніць слабога, як яна бараніла вывадак качанят, захінуўшы іх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы. А замест усяго гэтага — і яна не ведала чаму — яны дажылі да часоў, калі ніхто не можа сказаць таго, што думае, калі паўсюль сноўдаюць лютыя рыклівыя сабакі і калі ты мусіш глядзець, як тваіх таварышаў разрываюць на шматкі пасля таго, як яны прызналіся ў страшных злачынствах. У яе ў галаве не было і думкі пра бунт ці непаслушэнства. Яна ведала, што нават гэтак было лепей, чым за часы Джоўнза, і што найперш трэба было зрабіць усё, каб не вярнуліся чалавечыя істоты. Што б ні здарылася, яна застанецца вернай, будзе цяжка працаваць, выконваць усе загады, што ёй будуць давацца, і пагаджацца з кіраўнічаю роляю Напалеона. І ўсё ж гэта было не тое, на што яна і ўсе іншыя жывёлы спадзяваліся і дзеля чаго аддавалі ўсе свае сілы. Не дзеля таго яны будавалі вятрак і падстаўляліся пад Джоўнзавы кулі. Гэтак яна думала, хоць ёй не ставала словаў, каб выказаць свае думкі.
Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замяніць тыя словы, якіх яна ніяк не можа знайсці, яна пачала спяваць «Звяры Брытаніі». Іншыя жывёлы, што сядзелі вакол яе, падхапілі спеў, і яны праспявалі яе тры разы — вельмі суладна, але павольна і жалобна, так, як ніколі раней не спявалі.
Не паспелі яны скончыць, як Віскун, у атачэнні двух сабакаў, падышоў да іх з выглядам, нібы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясціў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона «Звяры Брытаніі» адмененыя. З гэтага часу спяваць іх забаронена.
Жывёлы былі агаломшаныя.
— Чаму? — закрычала Мюрыэль.
— Яна больш не патрэбная, таварыш, — сурова адказаў Віскун. — «Звяры Брытаніі» былі песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднікаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер і знешнія і ўнутраныя ворагі разбітыя. У «Звярах Брытаніі» мы выказвалі свае мары аб лепшым грамадстве ў будучыні. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае ніякага сэнсу.
Хоць і спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглі б запратэставаць, але ў гэты момант авечкі завялі сваё звычайнае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», што цягнулася некалькі хвілін і паклала канец спрэчцы. Такім чынам, «Звяры Брытаніі» болей не спявалі. Замест іх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:
О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!
Ніколі табе не ўчыню я шкоды! —
і цяпер яе спявалі кожную нядзелю раніцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што ні мелодыя, ні словы яе ніяк не маглі зраўняцца з «Звярамі Брытаніі».
VIII
Праз некалькі дзён, калі страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (ці яму гэта толькі падалося), што Шостая Запаведзь казала: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў». І хоць нікому і ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасці свінняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнія забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзі. Канюшынка папрасіла Бэнджаміна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, і калі Бэнджамін, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткія справы, яна схадзіла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў без прычыны». Неяк так здарылася, што два апошнія словы выпалі з памяці жывёлаў. Але цяпер яны пабачылі, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмі важкая прычына, каб забіць здраднікаў, якія схаўрусаваліся з Сняжком.