Шрифт:
Нізка вершоў "Старая Спадчына"
Мы зерва древніе лелеемъ
Мы урожай столетій жнемъ,
В. Брюсобъ.
ПЭНТАМЭТРЫ.
Чыстые сьлёзы з вачэй пакаціліся нізкай парванай, Але, упаушы у пыл, брудам зрабіліся там. * * *
Хіліцца к вечэру дзень і даўжэйшымі робяцца цені; 3 болем пад захад жыцьця ўспомніш пра гэтае ты. * * *
3 нізкаго берэгу дно акіяна вачам не даступна, — Глуха укрыла яго сіняя цемень вады. Але ўзбярыся ў гару на вяршыну прыбрэжнай страмніны, — Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль. НЕПАГОДАЮ МАЕВАЙ.
Падаюць вішняў цьвяты і разносіцых вецер халодны; Сьнегам у чорную гразь падаюць вішняў цьвяты. Плачце, галіны, лісты! Загубілі вятры цьвет ваш родны, — Некчаму болі вам жыць. Плачце. галіны, лісты! СОННЭТ.
(Ахвярую А. Погодіну).
Un sonnet defaut vaut seul un long poeme.
Boiteau.
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючаго Ніла Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла: Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі. Хоць зернейкі засохшымі былі, Усё-ж такі жыцьцёвая іх сіла Збудзілася і буйна ўскаласіла Парой вясеньняй збожжэ на ральлі. Вось сымвол твой, забыты краю родны! Зварушэны нарэшці дух народны, Я верую, бязплодна не засьне, А ўцерад рынецца, маўляў крыніца, Каторая магутна, гучна мкне, Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.СОННЭТ.
Ne ris point du sonnet, o eritique moquer.
C. Bob
На цёмнай гладзі сонных луж балота, За сьнег нябёснай вышыні бялей, Кругом паўсталі чашэчкі лілей Між пачарнеўшых корэньнёў чарота. Ўкруг плесьня, бруд, — разводзіць гніль сьпякота, А краскі ўсё-ж ня робяцца гразьней Хоць там плыве парою сьлізкі зьмей І ржаўчына ляжыць, як пазалота. Цяпер давольна топкае багно Гніль сотні год збіраючы, яно Смуроднай жыжкаю узгадавала Цьвятоў расістых чыстую красу. Маліся ж, каб з літоўнасьці стрымала Тут смерць сваю нязвонкую касу.ТРЫОЛЕТ.
Красавецъ юный тріолетъ.
К. Фофановъ.
Як птушка ў гібкіх трасьніках, Стралою думка мільганула, І ўраз жэ знікла, патанула, Як птушка ў гібкіх трасьніках. Ды ўсё-ж душа яе пачула І ўжо пяе ў такіх славах: "Як птушка ў гібкіх трасьніках, Стралою думка мільгнула".ТРЫОЛЕТ.
Калісь глядзеў на сонцэ я, Мне сонцэ асьляпіло вочы. Ды што мне цемень вечнай ночы. Калісь глядзеў на сонцэ я. Ніхай усе з мяне рагочуць Адповедзь вось для іх мая: Калісь глядзеў на сонцэ я, Мне сонцэ асьляпіло вочы. РОНДО.
Узор прыгожы пекных зор Гарыць у цемні небасхіла: Вада балот, стаўкоў, азёр Яго ў глыбі сваей адбіла. І гымн сьпевае жабоў хор Красе, каторую з'явіла Гразь луж; напоўніць мгла прастор, І ўстане з іх гарачы міла Узор. І сонцэ дальш, клянуць, што скрыло Луж зоры днём. І чуе бор, І чуе поле крэхат хілы, Ды жаб ня ўчуць вышэй ад гор Там, дзе чыясь рука зрабіла Узор. ОКТАВА.
Як моцны рэактыў каторы выклікае Між строк ліста, маўляў нябошчыкоў з магіл, Рад раньш нявідных слоў — так цемень залівае Зялёны, бытцым лёд, халодны небасхіл, І праз імглу яго патроху праступае Маленькіх, мілых зор дрыжашчы, срэбны пыл. Здароў, радзімые! Мацней, ясьней гарыце І сэрцу аб красе прыроды гаварыце! <