Прымакі
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

М а ц е й к а (адскочыўшы). Я... я... нічога! Гэта мы... гэта мы з Кацярынкаю «цыганку» скачам.

К а ц я р ы н к а. Так, так, татачка! «Цыганку» з Мацейкам скакалі. Вось яшчэ і шапка ў мяне на галаве.

Т р а х і м. Каб толькі гэтак часам вы цыганят безпары не наскакалі? Глядзіце ў мяне!

К а ц я р ы н к а. Татачка, я добра гляджу!

М а ц е й к а. І я ў шапку не сплю!

П а л а н е я (да Мацейкі). Ты таты не бачыў?

М а ц е й к а. Я спаткаў – як татка з цёткай Даміцэляй пад нашу хату пайшлі.

Т р а х і м. А мы з кумой пайшлі пад манапольку і такім манерам, значыцца, размінуліся. (Падыходзячы да стала.) А гэта што за пляшкі?

К а ц я р ы н к а. Гэта...гэта мамка з дзядзькам Максімам частавалася; ён у нас сягоння начаваў.

П а л а н е я (убок). Ну, дзякуй Богу, не я адна набралася грэху!

Т р а х і м (убок). Эге! значыцца, імая Даміцэля не без таго, што і я? (Да Паланеі.) Хадзем, кумка, пагасці трохі ў мяне. Ужо твой не дзе падзеўся, калі тут быў сягоння.

П а л а н е я. А чорт яго бяры, калі ён пусціўся ў бадзяцкую скуру і дома не начуе!

Т р а х і м.Ціха, ціха, кума! Лепей не ўспамінай! Вось садзіся ды вып'ем па чарачцы.

Дастае паўквартоўку, і частуюцца з Паланеяй.

Мацейка з Кацярынкай у старане між сабою жартуюць.

П а л а н е я. І собіла ж куму ў нашу хату забрацца?

Т р а х і м. Так, так! Але і куме надало ўпусціць мяне?

П а л а н е я. Як гэта выйшла – розуму я не прыстаўлю?

Тр а х і м. I я, хоць не з дурнога заводу, але нічога не ўкемлю.

М а ц е й к а. Адным словам, без паўкварты не разбярэш. Ха-ха-ха!

П а л а н е я (да Мацейкі). А да цябе, паўкварта, калі не п'юць, то і не кажы «здароў будзь».

Т р а х і м. Затое ж, кумка, будзь здарова!

П а л а н е я. На здароўе, кумок, на здароўе! (Выпіваюць.)

Т р а х і м. Ацяпер, можа, паскачам, кумка? Мацейка пайграе нам.

П а л а н е я. Ды ўжо ж, кумок!.. Ці за адну нагу вісець, ці за дзве– адна ласка. (Да Мацейкі.) Іграй, Мацейка!

М а ц е й к а. Мамка, як не стыдна? Гэта ж ужо мне з Кацярынкай лепей уходзе, як табе з дзядзькам...

Т р а х і м. Не тваё дзела, блазнюк! Іграй, калі кажуць! Бач ты яго, як разласаваўся да Кацярынкі!

М а ц е й к а. Ну, ужо буду! А што іграць?

П а л а н е я. Рэж лявоніху!

М а ц е й к а (убок). Папілі салодкую гарэлку, а цяпер і вяселле ім іграй. (Іграе лявоніху, а Трахім з Паланеяй скачуць.)

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая! Несалоная капуста твая! Ліха мачыха на пасынка была, Несалоную капусту дала; А пасынка дык і чорт не бярэ, Несалоную капусту жарэ!

З'ява VII

Тыя ж і Максім, Даміцэля.

Д а м і ц э л я (кідаючыся з мешалкай да танцуючых). А гэта што такія за гоцы ў маёй хаце?

Т р а х і м і П а л а н е я (пакідаючы гульню). Мы... мы... так сабе... паскакаць хацелі!..

Д а м і ц э л я (да Трахіма). Ты дзе гэта ўсю ноч прападаў?

Т р а х і м. А ты, як мяне няма дома, дык з гэтым валочышся!!

Д а м і ц э л я (трасучы мешалкай). Я цябе пытаюся, бясстыднік! Чаму дома не начаваў?

М а ц е й к а. Цётка, так не крычыце на дзядзьку: ужо мамка на яго накрычала і мешалкай настрашыла. Дзядзька ў нас начаваў.

П а л а н е я (схапіўшы мешалку сваю, да Максіма). Ну, кавалерчык! Гавары мне, дзе ты сягоння на начлезе быў? Га?

К а ц я р ы н к а. Цётка,так не пужай дзядзьку, ужо яму мамчына мешалка далася ў знакі. Ён у нас начаваў.

П а л а н е я (да Даміцэлі). Дык гэта ты мне, імасць, зводзіш майго старога? Як табе стыду няма! Усё ведаю: яешняй частавала, бессаромніца, і гарэлкай. Бач, якая гасцінная!

М а ц е й к а. Мамка! I ты ж дзядзьку частавала таксама – яешняй і паўквартай.

Д а м і ц э л я (да Паланеі). Ага! Дык вось якая, ясна пані, з сорамам! Чужых мужыкоў адбівае ды яшчэ на вока выкідае, калі чалавек праз памылку зайшоў і заначаваў.

Т р а х і м. Але ж, міленькая, але, – праз памылку ў кумаву хату папаў. Прабудзіўся гэта я раніцай, а кума, каб ёй здароўе, будзе мяне мешалкай. I скажы, што я вінават?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win